ЛІ ХУНЧЖА́Н (15.2.1823, прав. Аньхой, Кітай — 7.11.1901),

кітайскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Адыграў важную ролю ў задушэнні Тайпінскага паўстання 1850—64. З 1870 намеснік сталічнай прав. Чжылі, канцлер, чл. упраўлення па замежных справах. Прыхільнік і адзін з праваднікоў палітыкі «самаўзмацнення», якая мела мэтай стварэнне ў Кітаі сучаснай арміі і флоту. У знешняй палітыцы імкнуўся шляхам уступак і пагадненняў з адной імперыялістычнай дзяржавай супрацьстаяць агрэсіі інш. дзяржавы. Падпісаў Сіманасекскі дагавор 1895. У 1896 заключыў сакрэтны дагавор з Расіяй пра абарончы ваен. саюз супраць Японіі і прадастаўленне Расіі канцэсіі на буд-ва Кітайска-ўсходняй чыгункі. У 1901 падпісаў навязаны Кітаю «Заключны пратакол» з дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні іхэтуаньскага паўстання.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)